ВАШЫНГТО́НСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1921—22,

па абмежаванні марскога ўзбраення і па далёкаўсходніх і ціхаакіянскіх пытаннях. Праходзіла ў Вашынгтоне з 12.11.1921 да 6.2.1922. Склікана па ініцыятыве ЗША, якія разлічвалі дамагчыся спрыяльнага для сябе вырашэння пытання аб марскім узбраенні і замацавання новых суадносін сіл імперыял. дзяржаў у Кітаі і ў бас. Ціхага акіяна. Удзельнічалі ЗША, Вялікабрытанія, Кітай, Японія, Францыя, Італія, Нідэрланды, Бельгія і Партугалія, а таксама дэлегаты Індыі і брыт. дамініёнаў. РСФСР як далёкаўсходняя краіна запрошана не была, не была дапушчана на Вашынгтонскую канферэнцыю дэлегацыя Далёкаўсходняй рэспублікі (прыбыла ў Вашынгтон у снеж. 1921).

Асн. дакументы Вашынгтонскай канферэнцыі: Дагавор чатырох дзяржаў (ЗША, Вялікабрытаніі, Японіі і Францыі) пра сумесную абарону іх праў на астраўныя ўладанні ў раёне Ціхага акіяна. Адначасова прадугледжваў ліквідацыю англа-японскага саюза, чаго і дамагаліся ЗША. Дагавор пяці дзяржаў (ЗША, Вялікабрытаніі, Японіі, Францыі і Італіі) пра абмежаванне марскіх узбраенняў. Падпісваючы гэты дагавор, Вялікабрытанія пацвярджала сваю вымушаную згоду на адмову ад панавання на моры. Дагавор устанаўліваў пэўную прапорцыю гранічнага танажу лінейнага флоту дзяржаў-удзельніц. ЗША станавіліся першай дзяржавай паводле стратэг. перавагі ў гэтым рэгіёне, на другім месцы была Японія. Дагавор дзевяці дзяржаў (ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Японіі, Італіі, Бельгіі, Нідэрландаў, Партугаліі і Кітая) пра палітыку ў Кітаі абвяшчаў прынцыпы «роўных магчымасцей» у Кітаі для гандлю і прадпрымальніцтва ўсіх краін. Адпавядаў амер. палітыцы «адчыненых дзвярэй» і дазваляў ЗША як найбольш магутнай дзяржаве выцесніць сваіх канкурэнтаў з Кітая.

Рашэнні Вашынгтонскай канферэнцыі дапоўнілі Версальскі мірны дагавор 1919 і сталі састаўной часткай версальска-вашынгтонскай сістэмы міжнар. адносін.

т. 4, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)